"debito tempore"

Alter ego. Фаланстэр і я

аўт, 08/12/2014 - 11:45

"Drupal-злёт 2011" Аўтар: Святлана Ермаковіч.

"Слова правадыра"

Так, вы не памыліліся, сёння я, Волчак Міхаіл Віктаравіч, ужо чацвёрты год у руля Фаланстэра. Гэта прэзідэнцкі тэрмін у дэмакратычнай краіне. Напрошваецца пытанне, ці патрэбны мне другі тэрмін у Фаланстэры? Сканчэнне - добры час правесці рэвізію: што абяцана, што зроблена. Пра гэты важны момант майго праўлення (рэйху, каардынацыі і т.п.), напішу ніжэй. А зараз перад сабой стаўлю пытанне. Ці патрэбны я арганізацыі? Ці патрэбна яна мне? Узважыўшы шматлікія фактары, зрабіў выснову, што я самадастатковы, магу аўтаномна арганізоўваць грамадскія праекты. Тым больш, у большасці нашых праектаў мы не выкарыстоўвалі фармальны статус арганізацыі. Таксама валанцёры набіраліся з зусім старонніх. Хутчэй, арганізацыя - шыльда, якая павінна была прыцягваць новых людзей, знізіць недаверлівасць да нас, як сярод дзяржструктур, так і абывацеляў.

Пачынаецца вір

Арганізацыя ўсё ж такі патрэбна. З маёй прысутнасцю або не. Чаму? Тут усё проста. У гісторыі бываюць такія моманты, калі супольнасці доўгі час жывуць і  амаль непрыметныя, але ўзнікаюць іншыя сітуацыі, і незаўважныя арганізацыі становяцца той сілай, якая можа змяняць ход гісторыі. Вакол невялікіх супольнасцяў збіраюцца таленавітыя і энергічныя людзі. Пачынаецца вір падзей. Напрыклад, арганізацыя бальшавікоў, якая змагла ў патрэбны гістарычны момант зрабіць вырашальны крок. Хай гэты прыклад не ўсім прыйдзецца да спадобы, але ён - гісторыя.

Фаланстэр эксперыментуе

Футбол, часопіс, відэа лекцыі, эканамічны, моўныя гурткі, друпал-клуб, злёт, вікі-сустрэчы, адкрытыя дадзеныя, публічныя ліцэнзіі, капірайт, пірацкі праект, школа, дапаможнік раварыста, усе пачынанні Фаланстэра - эксперыменты. Футбол мы рабілі як спробу каталізаваць гарадскі актывізм, сплавіць папулярную гульню і ідэю самаарганізацыі на ўзроўні краіны. Часопіс "Забей!" - гэта не столькі друкаваны орган, колькі інтэгратар і арганізатар каманды. Відэа-лекторыі "Кінабункер" - гэта не прагляд стужкі, гэта каштоўнасны імператыў, кірунак дзеяння. Моўныя гурткі - гэта сродкі камунікацыі з рознымі супольнасцямі, не толькі месца для вывучэння моў. Друпал-клуб - гэта інтэгратар тэхнакласа з грамадскімі праблемамі. Ва ўсе гэтыя пачынанні закладваўся сацыяльны эксперымент - навацыя. Мэта гэтага эксперымента была простая: паказаць "што іншы свет магчымы". Нашто гэта паказваць? Тут яшчэ прасцей. Грамадства - гэта складаны арганізм. Калі яно спрошчваецца - гэта дэградацыя. Пасля - знікненне. Фаланстэр выступіў прыкладам, які паказваў шляхі для развіцця, "ускладнення" грамадства.

Фаланстэр зачароўвае

Пакуль Фаланстэр не стаў масавай арганізацыяй. Але ён зачароўвае. Фаланстэр - гэта набор эксперыментаў, гісторый, сумеснага лёсу і вялікага досведу для яго ўдзельнікаў. Нас кідала, як у акіяне, ад аднаго вострава (праекта), рыфа да іншага.

Навошта рэспубліканская арганізацыя?

На сёння Фаланстэр даўно вырас з лакальных гарадскіх праектаў. На самой справе ён заўсёды быў шырэйшы. Нават перад сваім стварэннем шырата думкі распасціралася далёка па-за межамі кальцавой, ды і справы гэтаму сведкі. Турнір Пасіянарыяў ці Дапаможнік Раварыста - гэтыя праекты адбываліся па ўсёй краіне.

Фармальны статус? Мусіць, гэта не галоўная прычына. Галоўная прычына: ці зможа знайсціся 50 чалавек здольных інтэгравацца вакол ідэі сацыяльнага эксперымента. Гульня працягнецца...

Чаму важны сацыяльны эксперымент на ўзроўні краіны?

Апроч назапашвання рэсурсаў, важна працаваць там, дзе ўзнікае рост, стымуляваць яго, ствараць умовы. Мінск тут - не лепшае месца. Каб адчуваць дынаміку, рытмы супольнасцяў, неабходна зваротная сувязь, разуменне пульса краіны як мага ў большай колькасці гарадоў і мястэчак. Часткова Сеціва вырашае гэту задачу, але не заўсёды.

Наконт слова "маладзёжная" ў назве. Безумоўна, малады - гэта паняцце стану душы. Але яго часта разглядаюць як абмежавальнік для новых удзельнікаў, якія фізічна выйшлі з узросту "моладзь". Гэты фармальны абмежавальнік трэба зняць.

У лічбавым акіяне

Так, я накіроўваю Фаланстэр у Лічбавы Акіян. Свядома. Там поле для эксперыментаў. Каго ўкалыхвае, можа сысці на бераг. Я гатовы плыць. Юнгай або капітанам. Капітанам быць цяжка. Ён вядзе. Сотні рашэнняў. Адказаў. Юнгай. Займальна. Мажліва лепей разглядзець настроі. Адценні. Ствараць.

Мы робім праекты, выкарыстоўваючы прынцыпы Сеціва. Дапаможнік раварыста - гэта першая ластаўка. Вывучэнне капірайту, праца над электроннымі прыладамі ўдзелу грамадства ў справах краіны, альтэрнатыўная інфраструктура Інтэрнэт, прыватнасць - гэта пляцоўкі, дзе мы толькі пачалі нарошчваць сваю прысутнасць. У гэтых сферах шмат неспазнанага, карыснага і захапляльнага. Наколькі тэхналогіі могуць служыць супольнасцям? Як яны могуць вырашаць праблемы або ствараць іх? Дзе мяжа іхняга ўздзеяння? Ці можа права супольнасцяў стаць правам краіны - Беларусь? І, безумоўна, суб'ектнасць. Лічбавая суб'ектнасць - гэта новы выклік.

Марыць Фаланстэр

Так, я, Міхаіл Віктаравіч, пакорлівы слуга Фаланстэра, яго захавальнік, правадыр, непапраўны рамантык. Я працягваю марыць Фаланстэр. Фаланстэр мае філіялы ў розных гарадах, ён мае мноства сувязяў з такімі жа рамантыкамі ў розных краінах. Фаланстэр становіцца флагманам сацыя-лічбавых даследванняў і эксперыментаў у Беларусі. Фаланстэр служыць грамадству і вядзе яго. Ён дыялектычны.

Зараз без вялікіх эпітэтаў. Магчымая праграма Фаланстэра 2015-2016 гг.:

  1. Рэспубліканская арганізацыя (2014-2015). Ствараем кружкі аднадумцаў па краіне.
  2. Праект "Экасістэма Свабоднай Творчасці" (2014-2016). Вывучаем капірайт, робім краўдсорсінг закона. Залучаем людзей у сумеснае стварэнне законаў, правілаў: "Не багі чыгункі абпальваюць".
  3. Медыя Цэнтр (2015 - ...). Праект раскрывае лічбавы кантэкст у Беларусі. Працяг Школы Фаланстэра на больш публічным узроўні. Узмацняем інтэлектуальныя сувязі ў арганізацыі.
  4. "Інструмент Удзелу" (2014-...) - як лічбавыя тэхналогіі могуць дапамагчы ў рашэнні выклікаў і праблемаў супольнасцяў. Лакальна: Змяняй правілы! Веласупольнасць, жыллёвыя кааператывы і г.д.
  5. Падтрымка адкрытых праектаў у Сеціве і рэале. Адкрытыя даныя, вікі-тэхналогіі, сістэмы кіравання змесцівам (кантэнтам) будуць пастаяннай інфраструктурнай цікавасцю Фаланстэра.

А як жа Пірацкі Цэнтр? Гэты праект хутчэй за ўсё будзе вынікам з вышэйпералічаных эксперыментаў. Будаваць пірацкія ідэалы на голым месцы - няма ніякай рацыі. Праверана мінулагодняй практыкай. Трэба падмурак. Фаланстэр можа быць падмуркам.

Міхаіл Волчак

You are reporting a typo in the following text:
Simply click the "Send typo report" button to complete the report. You can also include a comment.